арбітальны комплекс модульнага тыпу для палёту вакол Зямлі; праграма яго распрацоўкі, зборкі, запускаў да яго касм. апаратаў, правядзення даследаванняў. Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый наведвання станцыі, правядзення навук.-тэхн., медыка-біял., геафіз., астрафіз. і інш. даследаванняў і эксперыментаў па нац. і міжнар. праграмах. У стварэнні МКС прымаюць удзел Нацыянальнае кіраўніцтва па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (ЗША), Расійскае авіяцыйна-касмічнае агенцтва (Расія), Еўрапейскае касмічнае агенцтва, Канадскае і Японскае касм. агенцтвы.
Першы модуль МКС «Зара» створаны ў Расіі і 20.11.1998 выведзены на арбіту. 7.12.1998 да яго прыстыкаваны модуль «Адзінства» («Juniti»; ЗША), 26.7.2000 — «Зорка» (Расія), 10.2.2001 — «Лёс» («Destiny»; ЗША), 14.7.2001 — «Пошук» («Quest»; ЗША), 17.9.2001 — «Пірс» (Расія). Модулі, неабходныя грузы, асн. экіпажы і экспедыцыі наведвання дастаўляюцца на МКС пры дапамозе ракет-носьбітаў «Пратон» ці «Саюз» (Расія), трансп.касм. караблямі «Спейс шатл» (ЗША), «Прагрэс» і «Саюз» (Расія). На 1.1.2004 маса МКС 178 т, даўж. 52 м, размах панэлей сонечных батарэй 73 м, аб’ём жылых адсекаў 425 м³. На МКС працавалі 8 асн. (працяглых) экспедыцый, 16 экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл», 5 экспедыцый наведвання — усяго больш за 100 касманаўтаў з 9 краін (ЗША, Расія, Канада, Францыя, Італія, Бельгія, Іспанія, Паўд.-Афр. Рэспубліка, Японія). Касманаўты здзейснілі больш за 50 выхадаў у адкрыты космас агульнай працягласцю каля 350 гадз. Завяршэнне зборкі МКС плануецца на пач. 2008.